Рагачоўскі раённы выканаўчы камітэт адбірае рог у незалежнага сайта vrogacheve.ru. У лісце да мясцовага грамадскага актывіста, цяперашняга рэдактара згаданага сайту Дзяніса Дашкевіча намеснік старшыні райвыканкама ў пытаннях ідэалогіі Васіль Каральчук патрабуе зняць выяву рога ў залатым полі з інтэрнет-партала. Пры гэтым чыноўнік спасылаецца на палажэнне і рашэнне райсавета пра герб і сцяг горада, якія прыняты ў маі 2001 года. І далей піша: "Права на выкарыстанне сімволікі Рагачова і Рагачоўскага раёна даецца Рагачоўскім райвыканкамам. На сайце vrogacheve.ru выкарыстоўваецца герб Рагачова без узгаднення з райвыканкамам". Калі рэдактар не ліквідуе "наяўныя парушэнні ўстаноўленага парадку прымянення афіцыйных сімвалаў горада і раёна", то яго чакае адказнасць паводле беларускага заканадаўства. Якая менавіта – не сказана. Дашкевіч: "Хутка, відаць, дойдзе да таго, што, каб апрануцца ў цішотку з афіцыйнай выявай якога-кольвечы герба горада, а тым больш Беларусі, трэба будзе гэта ўзгадняць з уладамі". Спадар Дашкевіч адзначае, што па каларыстыцы рог на сайце адрозніваецца ад рога на афіцыйным гербе – ён не чарнаватага, а светла-шэрага колеру. Апрача таго, закон пра аўтарскія і сумежныя правы сцвярждае: афіцыйныя геральдычныя сімвалы – сцягі, гербы адміністрацыйна-тэрытарыяльных адзінак Рэспублікі Беларусь, геральдычныя, нагрудныя знакі, эмблемы дзяржаўных органаў – не з'яўляюцца аб'ектамі аўтарскага права. Выкарыстанне іх без спецыяльнага ўзгаднення не забаронена. "Чыноўнікам бы радавацца, што інтэрнет-рэсурс прапагандуе мясцовыя геральдычныя сімвалы. А яны змагаюцца з гэтым. Відаць, апасаюцца, што вакол сайта гуртуюцца людзі.
|